Wednesday, April 1, 2015

Скітур у Альгойскіх Альпах

На мінулых выходных з Сашам пахадзілі на лыжах у наваколлі Оберстдорфа. Оберстдорф (Oberstdorf) — гэта такая горная вёска на "крайнім поўдні" Германіі, вядомая як месца правядзення розных спаборніцтваў па зімовых відах спорту. Непасрэдна для нас з сябрамі на працягу апошніх год слова Оберстдорф трывала азначала "сноўборд і горныя лыжы". На мінулых выходных гэтае азначэнне было пашырана новай забавай — скітурам.

Паміж Schwarzwasserhütte і Gerachsattel.


Маршрут выбіраўся хутка, амаль што наўгад. Галоўнае — каб быў на два дні, нескладаны і цікавы. 

У выніку мы апынуліся на вакзале Оберстдорфа ў суботу познім ранкам маючы ў актыве маршрут на адзін дзень, сярэдняй катэгорыі цяжкасці (3 з 6 адпаведна tourentipp.de), з добрым рэйтынгам і патэнцыялам быць пашыраным на неабходныя два дні.

Пачатак маршрута злева у лесе. Паркоўка перад Ifen-Bergbahn.


З Оберстдорфу аўтобусам пад'ехалі да суседняй аўстрыйскай вёскі Рыцлерн (Riezlern, 1100м), пешкам падыйшлі пару кілометраў да паркоўкі (1250м) ля станцыі Ifen-Bergbahn, прыляпілі камусы, начапілі лыжы і патопалі ўверх.

Даліна Schwarzwassertal.


Надвор'е было цудоўнае, лепш не прыдумаеш. За першыя дзве гадзіны прабеглі зону лясоў у даліне Шварцвасэрталь (Schwarzwassertal) і выйшлі ў высокія горы да аднайменнай хаціны (Schwarzwasserhütte, 1620м). 

Наперадзе гара Steinmandl, 1980м.


А адтуль "папілавалі": спачатку ўгору на перавал (Gerachsattel, 1750м), пасля ўніз на прыгожае плато (1650 м), ізноў угору на перавал (Neuhornbachjoch, 1820м), і яшчэ раз угору на вяршыню Falzerkopf (1970м). Там пад вечар і ўпалі. 

Злева: ідзем да вяршыні Falzerkopf, 1970м. Справа: ужо пасля спуску. 

Далей па ўжо адпрацаванай схеме: выкапалі ў снезе яму, паставілі туды намёт, заварылі гарбату. Рэлакс, прырода і навокал нікога. Я дзеля гэтага ў горы і хаджу.

Начоўка на Falzerkopf.


Ноччу падняўся вецер і пайшоў снег. Пад раніцу ён скончыўся, але надвор'е засталося шэрым. Мы сабралі намёт і нязграбна, цялёпкаючыся ў свежым снезе, з'ехалі ў іншую даліну (1650 м). 

Саша лезе на Steinmandl.


Адтуль паміж адгор'ем і хрыбтом выйшлі да вяршыні Steinmandl (1980м) і паехалі ў самы ніз ва ўжо знаёмую даліну Шварцвасэрталь. 

На вяршыне Steinmandl, 1980м. 


А праз нейкія дзве гадзіны ўжо былі ў Рыцлерне на аўтобусным прыпынку. Вынік такі: у параўнанні з пешымі прагулкамі па заснежаных гарах такая мабільнасць — гэта проста шыкоўна! Нават пад'ёмы ўверх падаюцца звышхуткімі, не кажучы ўжо пра спускі. Адгэтуль у зімовыя горы — толькі на лыжах!

Абагульняючы, за палову суботы і палову нядзелі прайшлі-праехалі каля 25км, з перападам вышыні 1300м. Маршрут вельмі спадабаўся: ненапружны, прыгожы, і галоўнае — з добрай лагістыкай (усё дасягаецца на цягніках і аўтобусах). Для пахода на выходныя — выдатны варыянт, які можна дапрацавць, дадаць пару гор і зрабіць яшчэ больш крутым.

2 comments:

  1. Круть!
    а палатки почему две?)

    ReplyDelete
    Replies
    1. Синее рядом с зелёной палаткой - это не вторая палатка, это Саша :) Скрючился, пытается залезть внутрь.

      Delete