Tuesday, August 13, 2013

Грузія. Ад Батумі да Шхары

Я сустрэў Ігара ля набярэжнай. Ён стаяў на тратуары пад дрэвамі ў акружэнні паліцэйскіх і нешта ім паказваў. Пазнаўшы мяне здалёк па двух даволі вялікіх заплечніках (а я цягнуў з сабой усё барахло, якое павінна было спатрэбіцца ў бліжэйшыя тыдні) ён замахаў рукамі. 

У вярхоўях ракі Інгуры пад Шхарай.


Мы з Ігарам (ён жа Ціхі) былі знаёмыя не больш чым умоўна: ведалі адзін аднаго ў твар, перасякаліся год таму ў горным Таджыкістане, але ніколі доўгіх размоваў не мелі. Але тут справа была іншая, цяпер мы ехалі наверх разам. Больш за тое, нам трэба было атрымаць ноччу ў батумскім аэрапорце тузін заплечнікаў, якія адсталі ад нашай шматлюднай каманды, і забраць іх наверх з сабой. Я падыйшоў і са здзіўленнем паглядзеў на паліцэйскіх, яны ўдвух наладжвалі Ігару мабільны тэлефон.