Tuesday, August 13, 2013

Грузія. Ад Батумі да Шхары

Я сустрэў Ігара ля набярэжнай. Ён стаяў на тратуары пад дрэвамі ў акружэнні паліцэйскіх і нешта ім паказваў. Пазнаўшы мяне здалёк па двух даволі вялікіх заплечніках (а я цягнуў з сабой усё барахло, якое павінна было спатрэбіцца ў бліжэйшыя тыдні) ён замахаў рукамі. 

У вярхоўях ракі Інгуры пад Шхарай.


Мы з Ігарам (ён жа Ціхі) былі знаёмыя не больш чым умоўна: ведалі адзін аднаго ў твар, перасякаліся год таму ў горным Таджыкістане, але ніколі доўгіх размоваў не мелі. Але тут справа была іншая, цяпер мы ехалі наверх разам. Больш за тое, нам трэба было атрымаць ноччу ў батумскім аэрапорце тузін заплечнікаў, якія адсталі ад нашай шматлюднай каманды, і забраць іх наверх з сабой. Я падыйшоў і са здзіўленнем паглядзеў на паліцэйскіх, яны ўдвух наладжвалі Ігару мабільны тэлефон.

На пляжы ў Батумі.

Спякотны дзень мы правялі ў цэнтры Батумі. Спачатку валяліся на пляжы, пасля зайшлі ў кавярню, дзе Ігар ужо паспеў зрабіцца дарагім госцем. Там нас прынялі з усёй магутнасцю грузінскай гасціннасці, і мы прасядзелі за сталом некаторы час. Але няўмольны цяжар адказнасці за адстаўшыя заплечнікі зрабіў сваё, таму астатнія два літра чачы мы папрасілі заліць у бутэлькі і забралі з сабой. І пайшлі спаць на пляж у цэнтры горада па дарозе набыўшы яшчэ два літры чачы шаўкоўнічнай. Ціхі – вядомы знаток чач і він, былы горны ратаўнік, чалавек мудры і вопытны.

Дарога Зугдзідзі - Месціа. Тут (як і па ўсёй Сванэціі) можна сустрэць шмат вандруючых замежнікаў.


Гадзіне а другой ночы стала зябка, і мы паехалі ў аэрапорт. Падрыхлі там на паркоўцы, а пасля забралі ўсе дванаццаць надзірскіх заплечнікаў, пагрузілі іх у мінівэн і паехалі наверх. Але спачатку заехалі на мора і паснедалі. Памідорамі з чачай. Нас вёз кіроўца, якога звалі Гела. Яму нейкмі чынам дапамагаў грузінскамоўны хлопец, якога я не памятаю як звалі, але ўсю дарогу ён мне нагадваў скрыпача з “Кін-дза-дзы” (дарэчы, па першым сцэнарыі фільма ў скрыпача ў бутэльцы быў не воцат, а чача). Праз гадзінаў пяць мы даехалі да Сванэціі, пачакалі пакуль разграбуць ад завалаў дарогу да пасёлка Месціа. У Месціі змянілі наш бус на джып і прыехалі ў вядомую сваёй высотнасцю і запаведнасцю вёску Ушгулі, дзе нас сустрелі сябры.
 ***

Наш лагер знаходзіўся ў некалкі кіламетрах ад Ушгулі вышэй па рацэ Інгуры ля падножжа магутнай Шхары (5200м, вышэйшая кропка Грузіі). Так атрымалася, што ў гэтым сезоне там павінна была сабрацца пераважная большасць беларускіх альпіністаў (у пік люднасці там налічвалася больш за 60 чалавек). Места было шыкоўнае: на пярэднім плане зялёныя лугі, рэчкі, дрэўцы і валуны, а на заднім – заснежаныя горы. 

Базавы лагер пад Шхарай.

У першыя дні нашага там прабывання мы хадзілі пераважна па ваколіцах (для акліматызацыі) і пілі нарзаны. Спрабавалі аднойчы схадзіць на лядовыя заняткі на ледавік Шхары, але спачатку прамахнуліся, палазілі па альпійскіх травах і сыпухах, а пасля пад дажджом пайшлі вышэй на плато ледавіка каб паглядзець што там ёсць.

Прагулка наверх.


Да, нягледзячы на ўсю навакольную прыгажосць, у лагера пад Шхарай было два значных мінуса. Першы мінус – надвор'е: спачатку кожны дзень пасля абеду ішлі дожджыкі, праз тыдзень дожджыкі маглі ісці ўжо і зранку, а напрыканцы другога тыдня яны ішлі калі хацелі і колькі хацелі. Вышэй 3000 метраў гэта ўсё, зразумела, адзначалася шчыльнымі туманамі і снегам. Хаця, некалькі добрых сонечных дзён усё ж было. 

Адпачынак на ледавіку Шхара.
Другі мінус – машкара: камары і маленькія ўзлаваныя мушкі, якія грызлі і грызлі, і не дазвалялі апранаць бікіні і фарсіць у негліжэ. Каб схавацца ад гэтых мушак і, нарэшце, заняцца якім-небудзь спортам я са сваімі вернымі сябрамі Антонам Шалковічам і Марусяй Французавай пераехаў жыць вышэй, на цудоўныя травяністыя схілы за ледавік.

Антон і Маруся на начоўках пад Паўднёвай Шхарай.

Тут трэба адзначыць, што за апошнія некалькі дзён да нас прыбіўся сабака памяжоўнікаў, немаленькі каўказец, добры такі, пухнаты. І гэты сабака, па мянушцы Бумбор, самавольна пераехаў жыць з намі. Ежы для яго мы, зразумела, не бралі і думалі, што паходзіць следам і вернецца дадому. Але сабака быў упарты, на нашыя абурэнні ў ягоны бок не рэагаваў і працягваў хадзіць побач. 

Сэр Бумбор.
Каманда перад стартам.

Скончылася ўсё тым, што на маршруце 3А на Шхару Паўднёвую (4380м) сабака палез следам і ўляцеў уніз. Пакуляўся па скалах метраў пяцьдзесят і ўпаў на снег. Адбылося гэта ўсё недзе на 3700м. Наша ўзыходжанне наверх, натуральна, было скончана і пачалося ратаванне Бумбора.

Падчас спуску сабакі.
Калі не ўдавацца ў падрабязнасці, то нацярпеліся мы там шмат і толькі праз восемь гадзінаў, ужо ў прыцемках, спусцілі барбоса на ледавік. Там нас чакаў атрад на чале з Анатолем Ваяводавым і яго магутнымі навічкамі. Ужо ўначы яны аднеслі сабаку ў базавы лагер, дзе яго адкармілі, заматалі пабітую лапу, і праз пару дзён Бумбор пайшоў на папраўку.

***

Дзень пайшоў на аднаўленне сіл і сувязь з космасам.
Троху адпачнуўшы ад такога пачатку, мы вырашылі схадзіць на маршрут 5А на тую ж Шхару Паўднёвую. Балазе, пачынаўся ён амаль што побач з нашым намётам, выглядаў прыемна і па словах ведаючых людзей быў адносна простым. 

Дзен 1. Бівак у пачатку маршрута.

Ізноў, калі не ўдавацца ў падрабязнасці, на маршруце мы правялі амаль што пяць дзён з запланаваных трох. Стан маршрута пакідаў жадаць лепшага: за мінулыя дваццаць год пакуль тут амаль не было людзей з'явілася шмат “жывых” камней, усё развальвалася і сыпала ўніз (а можа так і было заўсёды?). Усё гэта ўпрыгожвалася троху прыхварэўшым Антонам, дэфіцытам туалетнай паперы і газа. Карацей, атрымалася прыгода.

Дзень 2. Выдатнае месца пад намёт.
Дзень 2. +WC.

Дзень 3.
Дзень 3.

Дзень 4. Кухня.
Дзень 4. Месца начоўкі.

Дзень 4.
Дзень 4. Тут развальвалася і сыпала камнямі.

Дзень 4. Апошнія вяроўкі.


Дзень 4. На вяршыне.

Дзень 4. Начоўка на спуску.

Таму, калі мы нарэшце збеглі назад у базавы лагер, альпінізм і нестабільнае надвор'е нам ужо як мае быць надакучылі, і ў галовах пасялілася адна толькі (неспартыўная) думка – Чорнае мора! Чакаючы пакуль з верху вернуцца астатнія групы (якія хапанулі дрэннага надвор'я і непрадбачаных цяжкасцяў), мы пару дзён паматрасілі ў базавым лагеры, сустрэлі нашых сяброў з Мінска (новая змена альпіністаў), папілі нарзаны, віно і чачу, пазбіралі грыбы, паадпачывалі, а пасля сабралі намёты і паехалі ў Батумі. Так скончыліся два тыдні пад Шхарай.

***

Да Батумі мы тады не даехалі. У пошуках кэмпінга я скіраваў наш караван з двух бусаў у лес кіламетрах у 15 ад курортнага мястэчка Кабулеці. Была ноч, GPS сцвярджаў, што мы пасярэдзіне самага сучаснага і новага кэмпінга ва ўсёй Грузіі (калі верыць сайту і навінам у інтэрнэце). Але навокал былі толькі сосны, нейкія агароджы і мора. Кэмпінг апынуўся такім новым, што яго яшчэ не пачалі будаваць. Але мы не згубіліся, паставілі намёты як было і плюхнуліся ў мора. Зранку агледзіліся, месца было, канешне, так сабе: даволі брудна, без цывілізаванага туалета і душа, але з прэснай вадой і маленькай крамай побач.

У Тбілісі.
Але пасля гор мы былі непераборлівыя, таму базу пакінулі там, і наступныя дні правялі ў вандроўках паміж Батумі, базай і Тбілісі. Віно і грузінская кухня (проста цудоўная!), архітэктура, мастацтва і іншыя прывабнасці неспартыўнай часткі нашай вандроўкі.

6 comments:

  1. Здорово, я даже два раза в словарик лазал. :) И да, позагорать в бикини мошки так и не дали. Зря брали, получается! :)

    ReplyDelete
    Replies
    1. Ты знаешь, получается зря. В следующий раз надо брать микробикини. Если с погодой и мошками засада, то они хоть меньше весят - легче переть наверх :)

      Delete
    2. Быть может просто пару верёвочек взять. Ещё одно применение корделету? :)

      Delete
    3. Лучше петлю расходную, 120см :)

      Delete
  2. Цікавы аповяд, і фоткі - супер! Я хоць і не альпініст, але вельмі люблю горныя краявіды і падарожжы па такіх маляўнічых мясцінах, асабліва на ровары!

    ReplyDelete
    Replies
    1. Дзякуй! На ровары па Грузіі таксама можна павандраваць - вельмі прыгожая краіна, Сванэція ў асаблівасці.

      Delete