Monday, October 29, 2012

Хіцан 2Б

Аднойчы летам 2010 года мы праводзілі зборы з мінскім альпклубам «Надзір» у паўночнай Асеціі на Каўказе (альплагер «Цэй»). Цікавы такі атрымаўся выезд, шмат усяго адбылося, у тым ліку і наша любімае ўзыходжанне на гару Чанчахі, апісанае нядаўна Антонам тут. Ну і сярод усяго высветліўся тады такі тэхнічны момант, як недахоп у раёне маршрутаў катэгорыі «2Б». Мы ў той час пачыналі добра спрацоўвацца з начальнікам лагера Аношыным Г. Г., і ён прапанаваў нам «знайсці» гэтую «2Б». Аб'ектам была прызначана гара Хіцан – такі невыразны пік вышынёй каля 3600м, які разам з іншымі больш значнымі вяршынямі размяжоўваў Паўночны і Паўднёвы цыркі Цэйскага ледавіка.

Заходні грэбень в. Хіцан, від з Паўночнага цырку Цэйскага ледавіка.
Наша каманда з пяці чалавек (ва ўсіх тады быў другі спартыўны разрад) з радасцю пагадзілася. Дзіва што, раней нам такой справы ніколі не давяралі, да й цяпер прапанова была выкліканая хутчэй адсутнасцю альтэрнатывы, чым нашым гераічным горным партфоліо. Ужо пазней, калі мы выходзілі наверх, высветлілася, што гэтую «2Б» тады пэўны час шукаў і амаль што знайшоў супрацоўнік мясцовай брыгады ратаўнікоў МНС. Але гэты факт нашых планаў не змяніў.

Падрабязна апісваць тут ня буду, але пасля нудных блуканняў сярод жандармаў заходняга грэбня Хіцана мы ўсё ж знайшлі нешта падобнае на маршрут «2Б». Праўду сказаць, была там пара месцаў, дзе нам было страшна і няўтульна, бо ўсё сыпалася і развальвалася. Быў і сумніўны снежна-ледовы кулуар пераходзячы ў камін, ў які палезлі толькі таму, што назад вельмі не хацелася (гэтыя жахі тыдзень пасля вымусілі пайсці назад каманду «значкістаў» са Львова, якія спрабавалі паўтарыць гэты маршрут – да, і правільна зрабілі). Але ў цэлым, атрымалася такая нармальная «двойка», якую я б яшчэ раз, напэўна, не пайшоў. Хацелі даць маршруту лагічную назву «Брэсцкая крэпасць», а чаму – я ўжо ня памятаю. Напэўна таму, што ні ў нас з сабой, ні на маршруце не было вады.

Але скончыліся зборы, і ўсе раз'ехаліся па сваіх гарадах. Восенню мы з дапамогай Аношына Г. Г. падалі апісанне маршрута ў класіфікацыйную камісію расійскай Федэрацыі альпінізма (ФАР), а ўвесну на паседжанні той жа камісіі было вырашана залічыць гэты першапраход толькі нашай групе і не пускаць яго ў шырокія масы пачынаючых альпіністаў. З гэтым рашэннем мы поўнасцю пагадзіліся. Бо па маіх асабістых уражаннях хадзіць туды можна было толькі ў якасці размінкі перад Чанчахі і ніяк не для навучання.

З тых падзеяў прайшло ўжо больш за два гады, але раніцай у нядзелю я атрымаў абсалютна нечаканы мэйл ад Шатаева В. Н. (што ўжо само па сабе неардынарная падзея – хто я, а хто Шатаеў). У ім была копія пратакола з чарговага паседжання ФАР ад 28.10.2012, а ў пратаколе сярод іншага запіс:

« 2.7. Хицан (3651м), с юга по З гребню, 2Б ор., к, Д.Глиндзич, 2010.  Решение: Классифицировать – 2Б (2.7.179).»
Участкі і цяжкасць (UIAA): R0 - R4: I, R5: II, R6: I, R7: III, R8-9: II, R10: II+, R11-12: III, R13: IV-, R14: I, R15: II, R16-17: I.
Тобок цяпер ён болей не "для групы". Напэўна, «двойкі б» ў «Цэі» і сапраўды дэфіцыт.

Такім чынам, я, па-першае, віншую нашу каманду (Шалковіча Антона, Хамянкова Косцю, Свірыдава Колю і Носава Сашу), трэнера Міхалыча і ўвесь «Надзір» з першым першапраходам (лепш пазней, чым ніколі). А па-другое (і галоўнае), жадаю ўсім тым, хто пойдзе на Хіцан па заходнім грэбні, не губляць пільнасці. Там так сабе, сыпка :)

Падрабязнае апісанне / пашпарт маршрута тут. Update: копія пратаколу з'явілася на сайце ФАР.
Update2: як правільна мяне паправіў зараз Аношын Г. Г., катэгорыя пакуль арыентыровачная, і маршрут усё яшчэ чакае другога прахода для пацверджання.

No comments:

Post a Comment