Monday, October 29, 2012

Хіцан 2Б

Аднойчы летам 2010 года мы праводзілі зборы з мінскім альпклубам «Надзір» у паўночнай Асеціі на Каўказе (альплагер «Цэй»). Цікавы такі атрымаўся выезд, шмат усяго адбылося, у тым ліку і наша любімае ўзыходжанне на гару Чанчахі, апісанае нядаўна Антонам тут. Ну і сярод усяго высветліўся тады такі тэхнічны момант, як недахоп у раёне маршрутаў катэгорыі «2Б». Мы ў той час пачыналі добра спрацоўвацца з начальнікам лагера Аношыным Г. Г., і ён прапанаваў нам «знайсці» гэтую «2Б». Аб'ектам была прызначана гара Хіцан – такі невыразны пік вышынёй каля 3600м, які разам з іншымі больш значнымі вяршынямі размяжоўваў Паўночны і Паўднёвы цыркі Цэйскага ледавіка.

Заходні грэбень в. Хіцан, від з Паўночнага цырку Цэйскага ледавіка.
Наша каманда з пяці чалавек (ва ўсіх тады быў другі спартыўны разрад) з радасцю пагадзілася. Дзіва што, раней нам такой справы ніколі не давяралі, да й цяпер прапанова была выкліканая хутчэй адсутнасцю альтэрнатывы, чым нашым гераічным горным партфоліо. Ужо пазней, калі мы выходзілі наверх, высветлілася, што гэтую «2Б» тады пэўны час шукаў і амаль што знайшоў супрацоўнік мясцовай брыгады ратаўнікоў МНС. Але гэты факт нашых планаў не змяніў.